«РО́ДНАЯ СТРАХА́»,

часопіс, які выдаваўся ў жн. 1921 — крас. 1922 у Вільні на бел. мове. Закранаў некат. актуальныя пытанні зах.-бел. рэчаіснасці (арт. «Аб формах дзяржаўнасці» Умястоўскага і інш.), пісаў пра паліт. лёс Віленшчыны, т.зв. Сярэдняй Літвы. Асвятляў стан бел. школьнай асветы (арт. «Беларуская школа і беларускія настаўнікі» пад крыптанімам «К.У.», «Наша справа» пад крыптанімам «С.» і інш). Інфармаваў пра публічныя выступленні Б.​Тарашкевіча, зняволенне ў віленскую турму Лукішкі М.​Гарэцкага, змясціў некралог на смерць А.​Лявіцкага (Ядвігіна Ш). Друкаваў апавяданні Я.​Піліпава, В.​Пупко, вершы Старога Уласа, Хв.Тартака (Чарнышэвіча), нар. творы, запісаныя на Вілейшчыне. Выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)